ВІНАРО́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прам-сці, якая вырабляе віно вінаграднае, пладова-ягаднае, шампанскае, каньяк.

Вінаробства вядома з даўніх часоў у краінах развітога вінаградарства. Усяго ў свеце вырабляецца 26 млн. т вінаграднага віна, найб. (1994; млн. т) у Італіі (6,0), Францыі (5,5), Іспаніі (2,3), ЗША (1,7), Аргенціне (1,4) і Германіі (1,0). У 1969 СССР займаў 4-е месца ў свеце па памерах плошчаў вінаграднікаў і вырабе вінаграднага віна (240 млн. дал). У канцы 1980-х г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй паменшыліся плошчы вінаграднікаў, многія вінаробныя з-ды былі закрыты. У 1994 Расія знаходзілася на 7-м месцы ў свеце па вырабе вінаградных він (0,7 млн. т). Значная вінаробная прамысловасць на Украіне, у Малдове, Азербайджане, Арменіі і інш.

Вінаробная прамысловасць Беларусі спецыялізуецца на вытв-сці пладова-ягаднага віна з мясц. і вінаграднага віна з прывазной сыравіны. Першыя вінзаводы пабудаваны ў 1925 у саўгасах «Лошыца» Мінскага і «Вымна» Віцебскага р-наў. У 1940 іх было 13 (выраблена каля 1млн. дал віна), у 1975 — 21 з-д. Да 1990 большасць з іх закрыта. Дзейнічаюць буйныя вінзаводы ў Магілёве, Пінску, Гомелі і Полацку, з-д шампанскіх він у Мінску. У 1994 выпушчана 0,6 млн. дал вінаграднага віна (у 1985 — 11,6), 5,5 млн. дал пладова-ягаднага (у 1985 — 9,9), 670 тыс. дал шампанскіх він (у 1985 — 544).

т. 4, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)